ПРАЦО́ЎНЫ ДАГАВО́Р,

пагадненне паміж работнікам і наймальнікам. Паводле П.д. работнік абавязваецца выконваць работу па адной або некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях або пасадах адпаведнай кваліфікацыі і выконваць унутраны прац. распарадак; наймальнік абавязваецца прадастаўляць работніку абумоўленую П.д. работу, забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, лакальнымі нарматыўнымі актамі і пагадненнямі бакоў, своечасова выплачваць работніку заработную плату. Дагаворнымі бакамі з’яўляюцца наймальнік і работнік, якія знаходзяцца паміж сабой у прац. адносінах на аснове П.д. Па агульным для наймальнікаў правіле не дапускаецца заключэнне П.д. з асобамі да 16 гадоў. П.д. можа быць заключаны з асобай, што дасягнула 14 гадоў, з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля) для выканання лёгкай працы, якая не прычыніць шкоды здароўю і не парушыць працэс навучання.

Умовы П.Д., што вызначаюць сукупнасць правоў і абавязкаў дагаворных бакоў, складаюць яго змест. У П.д. павінны быць: звесткі пра работніка і наймальніка; месца работы з указаннем структурнага падраздзялення, куды работнік уладкоўваецца; працоўныя функцыі работніка; асн. правы і абавязкі работніка і наймальніка; тэрмін П.д. (для тэрміновага дагавора); рэжым працы і адпачынку (у выпадку адрознення ад агульнаўстаноўленага); умовы аплаты працы. Паводле пагаднення бакоў у П.д. могуць быць уключаны і інш. (дадатковыя) умовы, абавязковыя для абодвух бакоў. Пасля заключэння П.д. яго бакі набываюць правы і нясуць абавязкі, замацаваныя ў заканадаўстве аб працы, калект. дагаворы і ў лакальных актах наймальніка.

П.д. можа быць заключаны на няпэўны ці пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў; на час выканання пэўнай работы; на час выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім захоўваецца месца работы; на час выканання сезонных работ. П.д. заключаецца ў пісьмовай форме і падпісваецца бакамі. Пасля заключэння П.д. прыём на работу афармляецца загадам (распараджэннем). Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама такі від П.д., як кантракт, які заключаецца на пэўны тэрмін, і мае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы і прадугледжвае кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работніка.

М.​І.​Тарасевіч.

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)